ДРАВІДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, дравідскія мовы,

сям’я моў на тэр. Паўд.-Азіяцкага (Індыйскага) субкантынента. Пашыраны пераважна ў Індыі. Падзяляюцца на групы: паўд. (тамільская, малаялам, кота, тода, кодагу, каннара і канада), паўд.-зах. (тулу), паўд.-ўсх. (тэлугу), цэнтр. (коламі, найкі, парджы, гадаба), гандванскую (гондзі, конда, куі, куві, пенга, манда), паўн.-ўсх. (курух, малто) і паўн.-зах. (брагуі). Аднак генетычная класіфікацыя Д.м. канчаткова не распрацавана. Чатыры Д.м. (тамільская, малаялам, канада і тэлугу) маюць стараж. л-ру і лічацца афіц. мовамі інд. штатаў Тамілна, Керала, Майсур і Андхра-Прадэш. На тулу пісьменства з’явілася ў канцы 19 ст. Астатнія Д.м. беспісьменныя.

У фаналогіі Д.м. адрозніваюцца кароткія і доўгія галосныя, фанематычны націск адсутнічае. У марфалогіі пераважае суфіксальная аглюцінацыя. Назоўнік і інш. імёны маюць 2 лікі і да 11 склонаў; род мае лексіка-грамат. характар; прыметнікі нязменныя, ступень прыкметы перадаецца сінтаксічна. Колькасць формаў часу дзеяслова вагаецца ад 2 да 6. Сінтаксіс мае шмат агульных рыс з сінтаксісам цюркскіх, мангольскіх моў.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)